Дакументы па тэме

Стратэгія развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю, 2007-2010 гг

Асноўная частка шведскага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (технічнай кааперацыі) двухбаковая, гэта азначае, што яна ажыццяўляецца непасрэдна паміж Швецыяй і асобнымі краінамі. Гэтыя праграмы пераважна каардынуюцца Шведскім агенцтвам па развіцці міжнароднага супрацоўніцтва (СІДА). Пад двухбаковым супрацоўніцтвам у галіне развіцця разумеюцца кантакты не толькі з дзяржаўнымі і ўрадавымі структурамі, але таксама і з іншымі ўстановамі, арганізацыямі і прадпрыемствамі. У 2007 годзе агульны шведскі ўнёсак у праграмы супрацоўніцтва з рознымі краінамі дасягнуў прыкладна 30 мільярдаў шведскіх крон.

З мэтай вызначаць напрамкі і ажыццяўляць кіраўніцтва праграмамі супрацоўніцтва з рознымі краінамі, шведскі ўрад прымае так званыя стратэгіі развіцця супрацоўніцтва. У сакавіку 2007 года быў прыняты такі дакумент для супрацоўніцтва з Беларуссю на перыяд 2007-2010 гг (гл. спасылку побач). Стратэгія грунтуецца на прапановах, вылучаных СІДАй, дапоўненых меркаваннямі Міністэрства замежных спраў Швецыі, поглядамі іншых міністэрстваў, што прымаюць удзел у развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю, а таксама прыярытэтах ды назіраннях шведскіх партнёраў у пытаннях супрацоўніцтва з Беларуссю. СІДА адказвае за правядзенне гэтага супрацоўніцтва, якое прадугледжвае дыялог з рознымі прадстаўнікамі і на розных узроўнях беларускага грамадства.