Гандаль паміж Швецыяй і Беларуссю на сённяшні дзень даволі абмежаваны, але хутка пашыраецца і мае выразны патэнцыял. Як перад, так і падчас візіту было заўважана таксама нарастанне інтарэсу з боку шведскіх прадпрымальнікаў. Аднак веды ў Швецыі пра такую геаграфічна блізкую краіну, як Беларусь, усё яшчэ даволі невялікія, і таму такія візіты з’яўляюцца выключна важнымі.
Візіт пачаўся шведска-беларускім семінарам у беларускай Гандлёвай палаце, на якім шведскія ўдзельнікі мелі магчымасць даведацца больш пра Беларусь і бізнес-клімат у краіне. Затым шведскія прадпрымальнікі сустракаліся з патэнцыяльнымі беларускімі партнёрамі, у той час як Андэш Анлід праводзіў сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства эканомікі і Міністэрства замежных спраў Беларусі. Падчас сустрэч абмяркоўваліся, сярод іншага, дыялог паміж ЕС і Беларуссю, Усходняе партнёрства, магчымае членства Беларусі ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі, а таксама іншыя актуальныя білатэральныя пытанні. Глабальны эканамічны крызіс быў адной з натуральных тэм для абмеркавання.
У сваім дакладзе на бізнес-семінары Андэш Анлід згадваў шведскі інтарэс да Беларусі і заахвочваў беларускі экспарт у Швецыю. Свабодны гандль – гэта краевугольны камень шведскай эканомікі, і мы выступаем за ўступленне Беларусі ў СГА. Пазітыўным з’яўляецца тое, што Беларусь у апошні час робіць крокі на шляху да лібералізацыі і адкрыцця сваёй эканомікі, і Швецыя лічыць, што Беларусь атрымала б больш ад інтэграцыі з ЕС. Усходняе партнёрства ЕС, якое будзе прынята на саміце ў траўні ў Празе і куды запрасілі Беларусь, будзе з’яўляцца прыярытэтным падчас старшынства Швецыі ў ЕС.
Візіт завяршыўся наведваннем разнастайных прадпрыемстваў да таго часу, пакуль дэлегацыя не павінна была адлятаць назад у Швецыю. Многія з прадпрыемстваў, што ўдзельнічалі ў сустрэчах ужо тады мелі канкрэтныя планы вярнуцца, для таго каб прадоўжыць дыскусіі.
Шведскі экспарт у Беларусь павялічыўся да прыблізна 920 мільёнаў шведскіх крон у 2008 годзе, у той час як імпарт застаўся прыблізна на ўзроўні 600 мільёнаў шведскіх крон. Імпарт аднак павялічыўся амаль удвая з 2003 года, а экспарт павялічваецца на 75% кожны год.
Швецыя з’яўляецца адной з краін, што аказваюць самую вялікую дапамогу Беларусі. Мэтай з’яўляецца ўнясенне ўклада ў развіццё дэмакратыі і рыначнай эканомікі, а таксама спрыянне збліжэнню ЕС і Беларусі. Мы падтрымліваем таксама развіццё ў напрамку стварэння лепшага клімату для дробнага і сярэдняга прадпрымальніцтва.